Петэр Краштэў. POST MORTEM (POSTMODERN)

„Шчыра кажучы, я ніколі не разумеў, чым ёсьць постмадэрнізм”, — неасьцярожна прамовіў ня хто іншы, як Рэйманд Фэдэрман, тэарэтык і аўтар шасьці постмадэрнісцкіх раманаў, пад час лекцыяў у 1991 годзе ў Штутгарце. Сярод іншых удзельнікаў гэтага сэмінару былі Джон Барт, Малкольм Брэдберы, Уільямс Гас і Іхаб Хасан, інакш кажучы, самыя знакамітыя прарокі літаратуры постмадэрнізму. Яны сабраліся, каб разам зьдзейсьніць пахаваньне постмадэрнізму. Усяго некалькі дзесяцігодзьдзяў таму яны гэтак жа элегантна далі яму жыцьцё.

Калі я завяршаў чарнавік выступу да гэтай сустрэчы, у якім, па просьбе арганізатараў, спрабаваў падсумаваць, што адбылося на працягу апошняга дзесяцігодзьдзя ў літаратуры Цэнтральнае і Усходняе Эўропы, я выпадкова натрапіў на буклет, які зьмяшчаў творы згаданых вышэй прамоўцаў. Зваўся ён „Канец постмадэрнізму: новыя накірункі”. Пасьля чытаньня ўводзінаў я адчуў, што быў здраджаны. У мяне разьвіўся пэўны скептыцызм, я адчуў, што ніколі ня здолею напісаць аніякага падсумаваньня. Мне падалося папросту зьнявагай, што ў 1991 годзе, у той час, калі мы спрабавалі дэканструяваць апошні „мадэрны наратыў”, ілжывыя міты пануючай ідэалёгіі, і рыхтавалі пераможны крок у „постмадэрновую сітуацыю”, у Штутгарце ўжо ўсё было скончана разам з пытаньнямі, якія мы так і ня здолелі сабе задаць. Калі я зірнуў на свой чарнавік і на гэтыя пытаньні, няўпэўненасьць падалася мне самым натуральным пачуцьцём…

Я не напісаў тае замоўленае анатацыі, і ў гэтым артыкуле мне б хацелася падзяліцца маімі ідэямі пра ілюзіі таго часу і пра бачаньне іх цяпер, на сёньняшні розум.

Малкольм Брэдберы у адной са сваіх лекцыяў адзначыў, што постмадэрнізм у культуры падобны да мадэрнізму, бо разьвіўся зь яго. Кожная мадэрная ідэялёгія абяцае выратаваньне. Наш „пацярпелы паразу” мадэрнізм падмануў нас сацыяльным вызваленьнем, якое ён агрэсіўна прапаноўваў. Паводле Р. Фэдэрмана, постмадэрн пачаўся на Захадзе з абвяшчэньня аўтара, рамана, мастацтва ўвогуле і нават чытача памерлымі. У нашым рэгіёне першыя творы, якія можна аднесьці да постмадэрну, зьявіліся, калі сьмерць рэжыму ўжо адчувалася — паміж 1980 і 1989 (у кожнай краіне ў розны час). „Постмадэрнісцкая літаратура экспэрымэнтавала са сьмерцю”, — пісаў Фэдэрман і меў рацыю, хаця мы гаворым пра два розныя віды сьмерці. Гэта быў вясёлы экспэрымэнт. Мы бачылі нашую рэчаіснасьць праз новую прызму літаратурнае мовы: праз іронію ды лінгвістычную пародыю ў творах Кундэры і Данілы Кіша, славака Паўла Вілікоўскага, балгарынаў Віктара Паскова і Івайлы Духева, расейцаў Дмітрыя Прыгава, Яўгенія Папова, Віктара і Венедыкта Ерафеева, праз абсурд Ісмаіла Кадарэ. У той час мы захапляліся аднолькава Эдзічкай Лімонавым і Міларадам Павічам, мы прызвычайваліся да інтэр- і мэта- скептыцызму. Мы былі „сацыялізаваныя” ва ўсім гэтым, і гісторыя знайшла нас, гісторыя, якая пачалася ў 1989 годзе. З таго часу мы не маглі больш уплываць на падзеі. Чаму ж мы мусілі думаць у той час, што ўсё гэта ўжо нашае мінулае?

Брэдберы таксама пісаў, што 1989 год ня ёсьць канцом гісторыі: гэта было б надзвычай утапічна. Гэта толькі спосаб вяртаньня да хаатычных праблем 45-гадовае даўніны. Іхаб Хасан адзначае, што Гайдэгерава „глябалізацыя” ды Льётарава „фрагмэнталізацыя” незалежныя адна ад адной: абодва працэсы адсоўвалі абяцаны канец гісторыі надта далёка. У той час я бы назваў усё гэта інтэлектуальным блефам. Сем год таму я згубіў некалькі тыдняў, спрабуючы адшукаць стандартнае вызначэньне для Цэнтральна-Ўсходняй Эўропы. На той час, поводле маёй канцэпцыі, гэты рэгіён распасьціраўся ад Балтыкі да Альбаніі. Я б не рызыкнуў зрабіць гэта сёньня. Калі неабходна, я, напэўна, скажу, што ўвогуле цэнтральна- ды ўсходне-эўрапейскае літаратуры больш не існуе, бо наш рэгіён зьмянілі межы Новае Шэнгенскае Эўропы. Нашай апошняй агульнай мовай быў наш своеасаблівы і блізкі постмадэрнізм.

У такіх краінах, як Харватыя, Славакія, Беларусь,… дзе захавалася дыктатарска-аўтакратычная ўлада, літаратура, што спрабуе дэканструяваць аўтакратычную ідэалёгію, усё яшчэ, хаця і ў невялікае ступені, карыстаецца попытам. Але нават ня маючы асаблівых прагнастычных здольнасьцяў, можна сьцьвярджаць, што і тут таксама ўсё будзе адбывацца крок за крокам, як у Венгрыі, Славеніі, Польшчы, Чэскай Рэспубліцы ці ў Эстоніі. Як аднойчы адзначыў Філіп Рос, „у Амерыцы адбываецца ўсё, але анічога ня мае значэньня, а па той бок старой Зялезнай Заслоны анічога не адбываецца, але ўсё мае значэньне — нават раманы, нават вершы”. Сёньня геаграфічныя межы паміж „тут” і „там” парушаныя. „Усё” ды „нічога” маюць інакшыя значэньні, чым 7 год таму. Акрамя гэтага нічога не зьмянілася.

Магчыма, мне трэба было напісаць пра нашую „нармальнасьць”. Што да Вугоршчыны, я бачу яе хутчэй пасярод „нармальных” мейсцаў. Літаратурнае жыцьцё ды выдавецкая справа даволі жыцьцяздольныя, а гэта абяцае нам досыць шматлікія прыклады для вывучэньня сытуацыі нармальнасьці. Відавочна, гэта нармальна, што мы не адрозьніваем „ня нашу” ды „нашу” літаратуру. Сапраўды, мы ўважаем „літаратуру замежжа” і „айчынную літаратуру” за эпітэты, але, калі быць шчырымі, яны ня маюць значэньня. Сёньня, як і 45 год таму, абсалютна прымальна, што літаратурнае грамадзтва амаль усіх краін падзяляецца ўздоўж вяскова-гарадской дэмаркацыйнай лініі. Раскол выяўляўся неафіцыйна альбо на ўзроўні палітыкаў, як у Вугоршчыне 7 год таму, пасьля зьмены рэжыму. Афіцыйна гэта адбылося толькі ў 1997 годзе, калі „заходне-арыентаваныя” пісьменьнікі заснавалі ўласную асацыяцыю. Аднак адступнікі-„касмапаліты”, як я, ніколі не адмаўляліся ад агульных арганізацый. Хай сабе няёмка знаходзіцца ў вадной арганізацыі з крыпта-фашыстамі, але ж чалавечая схільнасьць да граху ёсьць цалкам натуральнай. Таму цяжка адмаўляцца ад маленькіх дабротаў, атрыманых з урадавага бюджэту (адпачынак, падарожжы, скідкі на кошты кніг ды інш.)

Мадэлі пісьменьніцкіх сацыяльных паводзінаў таксама нармалізаваліся: некаторыя аўтары займалі грамадзкія пасады, уваходзілі ў нацыянальныя інстытуцыі, забаўлялі нацыю выратавальнымі ідэямі, казалі нам, што праўда, а што не. Постмадэрнісцкае пакаленьне (падобна расейскім ды славенскім калегам) падарожнічае па сьвеце, жывучы за кошт стыпендый ды публічных лекцыяў. Яны зарганізоўваюць у Англіі ды Нямеччыне перакладаньне сваіх тэкстаў; седзячы ў прэзідыумах, разьмяркоўваюць грашовыя сродкі — і ўсё гэта прымальна. Яны заслужылі славу. Некаторыя з маладзейшага пакаленьня арыентуюцца ў кірунку літаратурнага і культурнага супрацоўніцтва зь медыямі. Сёньня ў Вугоршчыне былыя лідэры Jyzsef Attila Circle робяць тое, што рабілі члены апошняе Brulion Group у Польшчы: яны паказваюць сьвету (і „заўсёднікам” прэзідыумаў), на каго варта зьвярнуць увагу. У нармальным сьвеце вы ня можаце існаваць толькі за кошт пісаньня… Да таго ж гэта нармальна, што шараговыя людзі шукаюць сябе ў „star-making” ці на ўплывовых пасадах. Калі і дзе гэта інакш? Апроч гэтага, абсалютна нармальна, што ніхто насамрэч не зважае на казаньні пісьменьнікаў-зорак, на зьяўленьне ў друку нахабных маладых талентаў ці на тоны літаратуры, апублікаванай на атрыманыя гранты. Ніхто не зважае, акрамя ўнутраных літаратурных колаў. Акрамя пісьменьнікаў, гэта стваральнікі фільмаў, гісторыкі, музыкі, біёлагі, людзі тэатру і, хто ведае, колькі іншых, прагных да фундацыяў…

Што да нашай літаратуры, мы дасягнулі ступені, прадбачанай Бартам: ягоныя раманы — бясспрэчна, прадукт „высокай літаратурнай якасьці” — усё яшчэ чытаюцца студэнтамі, прафэсіяналамі, выкладчыкамі, рэдактарамі, выдаўцамі, крытыкамі і прадаўцамі кніг, але ўсе яны чытаюцца толькі дзеля задавальненьня — на курортным пляжы, пад час падарожжаў, перад сном і г. д.

Уявім, што я напісаў анатацыю, пра якую мяне прасілі. У такім выпадку я б нагадаў, чаму менавіта гэты тып нармальнасьці пераважае ў Вугоршчыне. Мы маглі пералічыць тысячы спэцыяльных фактараў. На маю думку, ніхто з „паўсталай генэрацыі” постмадэрністаў ці энтузіястаў-пасьлядоўнікаў не былі здольныя напісаць прозу, якая б годна апісвала пераходны пэрыяд (канец якога мы, спадзяюся, убачым у хуткім часе). У той час як кожнае дзесяцігодзьдзе дыктатуры было дасканала апісанае, зруйнаванае і зьнішчанае, у пераходны пэрыяд паўстала неверагодная колькасьць публіцыстыкі, эсэяў і дасьледаваньняў, але амаль не зьявілася мастацкае літаратуры. Апавяданьне Кэртуша Імрэ „Пратакол” — хутчэй выключэньне з гэтага правіла, хаця аўтарская проза сама па сабе ёсьць пэўным выключэньнем. Мне ягонае пісьмо нагадвае мяжу паміж усім, што папярэднічала постмадэрну, і будучай літаратурай. І далей я магу прывесьці словы Барта, сказаныя ў 1991 годзе: „Хаця большая частка вядучых практыкаў таго, што завецца постмадэрнісцкай літаратурай, не зьбіраюцца завяршаць свае кар’еры (насуперак назве гэтага Штутгарцкага сэмінару) і здольныя адчуць сябе ў працэсе пошукаў стылю, няма сумневу, што ў амэрыканскай літаратуры маятнік хіснуўся ў 1980-я ад павярхоўнага самаўсьведамленьня, усьведамленьня сябе ў гісторыі, і часам фабулістычных твораў Barthelme…Gass’a… Barth’a & Co…”. Пазьней мы яшчэ вернемся да працягу гэтай цытаты.

Уся гэтая „нармалізацыя” — і зараз я кажу гэта без аніякае іроніі — прывяла да такіх неадпрэчных вынікаў. Зважаючы на рынкавую сытуацыю ці, магчыма, незалежна ад яе, мяне не пакідае ўпэўненасьць у тым, што літаратурнае жыцьцё набыло рэальную дынаміку і, як працэс для сябе, ужо не залежыць ад відавочнага недахопу рэвалюцыйнае (літаратурнае) працы. Часопісы ўзьнікаюць, распускаюцца ці рэарганізуюцца і, адначасова, адзін за адным хутка паўстаюць новыя пакаленьні. Згодна з Таквілем, „у дэмакратычных нацыях кожнае пакаленьне — новы народ”. Перад рэформамі кожная групоўка была зарганізаваная на ідэалягічнай глебе (напрыклад, самвыдат супраць афіцыйных выданьняў). У Вугоршчыне зь сярэдзіны 80-х прынамсі чатыры новыя пакаленьні літаратараў выступілі з сваімі ўласнымі выданьнямі: анталёгіямі ці часопісамі. У гэтым годзе ў лягеры маладых пісьменьнікаў паўсталі 4 такія выданьні. Тры зь іх ужо спынілі сваё існаваньне. Да першага належалі 30-40-гадовыя пісьменьнікі, да апошняга — 20-гадовыя. Такія прыклады могуць быць знойдзеныя паўсюль: баўгарскі „Ah, Marija” ці „Symposion” з Новага Саду. Апошні за часы свайго існаваньня прайшоў праз усе генэрацыі.

Чытаючы Барта, я дайшоў да другой паловы ягонае цытаты, у якой ён вызначае, куды хіснецца маятнік: „ у кірунку раньне-Хэмінгуэеўскага мінімалістычнага нэарэалізму”. Раздражняе, калі ў тэксьце, чытаным 6 год таму, я знаходжу агульныя катэгорыі аналізу тых маладых літаратараў, творы якіх мне падабаецца чытаць і сёньня, і пра каго ў 1991 годзе ніхто ня мог сказаць, што зь іх атрымаецца. Я маю на ўвазе такіх аўтараў, як чэхі Міхал Вэвэг і Яхім Топаль, баўгарын Алек Папоў, украінец Юры Андруховіч альбо сэрб Уладзімір Арсэневіч.

Усе яны засьведчылі свой талент, асабліва перад чытачом, бо іх кнігі вельмі папулярныя. І гэта здарылася не таму, што яны крывадушна прыстасаваліся да чаканьняў публікі, але проста яны былі дзецьмі іншага часу. Рональд Сукенік, апошні постмадэрнісцкі гуру, падагульніў: „Рэчаіснасьці не існуе, часу не існуе, асобы не існуе. Бог быў усемагутным аўтарам, але ён памёр; зараз ніхто ня ведае сюжэту…”. Нельга ўявіць, што сёньня нехта сур’ёзна думае такім чынам. Адпаведна я не ўяўляю чытача, які пагодзіцца, што адзінай рэчаіснасьцю ёсьць рэчаіснасьць мовы, які б захапляўся інтэр- і мэта-тэкстуальнасьцю, які б прагнуў цынічнага каштоўнаснага рэлятывізму ды адсутнасьці сэнтымэнтальнасьці…

You may also like...