Наста Манцэвіч. Інклюзіўная Кастрычніцкая (замест маніфеста)

Мы ўсе хочам бачыць вуліцу Кастрычніцкая інклюзіўнай. Слова новае для нашых вушэй, але мы паціху да яго прывыкаем. Я жыву зусім побач, на Партызанскім праспекце — 15 хвілін пешкі да сучаснай барна-клубнай Кастрычніцкай — патрапіўшы сюды вечарам, можна падумаць, што гэта вуліца знаходзіцца ў нейкім «іншым горадзе», не ў тым, куды ты вернешся сёння спаць. Нібыта час і прастора сказіліся, і табе дазволілі падгледзець, якім бы мог быць твой Менск.

фота 34 mag

Уначы 24 жніўня на вуліцы Кастрычніцкая ў Менску адзін чалавек збіў другога чалавека за тое, што той «падаўся яму геем». Праз некалькі дзён ЛГБТ-актывісты выйшлі сюды каб расклеіць вялікія вясёлкавыя плакаты са словамі «Разам мы мацней за страх!». Гэта была наша інтэрвенцыя ў гарадскую прастору, наша заява супраць нянавісці і гвалту, наша падтрымка ўсіх ЛГБТК+ персон, якія жывуць у гэтым горадзе і ходзяць па яго вуліцах.

У мяне не было ілюзіяў і раней, але гамафобны напад, які здарыўся 24 жніўня, зноў нагадаў: вуліца Кастрычніцкая — такая самая, як і ўсе астатнія вуліцы Беларусі. Тут кожны дзень цябе могуць забіць проста за тое, што ты ёсць. Яна нічым не адрозніваецца ад любой іншай вуліцы Менску. Хіба толькі тым, што менавіта тут ты аднойчы падумаеш, што гэта і твой горад таксама, ты асмялееш настолькі, каб напісаць на сценах гэтай вуліцы (якія і прызначаюцца для таго, каб на іх пісалі!), ты асмялееш настолькі, каб гучна сказаць «Мы разам мацней за страх!»… І твой голас будзе гучаць яшчэ пару гадзінаў, разліваючыся між муралаў вуліцы Кастрычніцкая, і сціхне, калі настане ноч.

Як толькі сцямнее твае плакаты сарвуць і заклеяць. Закрэсляць словы «Мы ўсе маем права на бяспеку», а зверху напішуць: «Басота. Імяніны, 5 год». Аказваецца пакуль мы клеілі свае плакаты, то незнарок закрылі імі афішы фэсту, які так няўдала супаў з збіццём чалавека, на месцы якога маглі быць любы ці любая з нас.

Першае, што я адчую, калі рабяты з Басоты скажуць нам WTF будзе віна, якая мяне паралізуе. За тое, што я была няўважлівай, за тое, што залезла не на сваю тэрыторыю, парушыла чыесьці межы. За тое, што перашкаджаю людзям весяліцца і тусавацца. За тое, што я існую. Мы ўсе хочам бачыць вуліцу Кастрычніцкая інклюзіўнай. Толькі для таго, каб цябе ў нейкі прастор уключылі, найперш трэба мець права на гэты прастор. Але нам тут не належыць нічога.

Тваё цела табе нагадае пра гэта — збітым дыханнем, частымі ўдарамі сэрца, трымценнем рук — пакуль ты будзеш клеіць вясёлкавыя плакаты на бетонную сценку Кастрычніцкай — яно нагадае табе пра збіццё і смерць Мішы, якога білі за тое самае, што і хлопца тут пару дзён таму, пра словы міністра, што ты «падробка», суды над сяброўкай за фотку ў фэйсбуку, сарваныя мерапрыемствы, адмову ва ўездзе Алок. Ты ўспомніш, што для тваёй дзяржавы «абараніць свае межы» значыць не ўпусціць трансгендарнага чалавека. Такога самага як і ты.

Мы жывем у краіне, дзе міліцыя нас называе «падробкай», дзе нашы жыцці называюць «ідэалогіяй» і «прапагандай», а нашы кнігі «написанными в струю, которая по-прежнему считается конъюнктурной». Тут можна свабодна і без наступстваў для сваёй прафесійнай кар’еры быць гамафобкай. Твае гамафобныя погляды ніяк не паўплываюць на твой аўтарытэт. На гамафобію тут можна проста заплюшчыць вочы. Як можна праігнараваць і тое, што на вуліцы Кастрычніцкая, якую мы ўсе хочам бачыць свабоднай, збілі хлопца. І што матывам была гамафобія.

Гэта вуліца нічым не адрозніваецца ад любой іншай вуліцы Менску. Хіба толькі тым, што на наступны дзень пасля цябе сюды прыйдуць іншыя людзі. І скажуць, што яны супраць ЛГБТ-прапаганды. Наклеяць свае плакаты на бетонную сценку. А людзі, якія хочуць зрабіць гэту вуліцу інклюзіўнай, нічога не скажуць. Ні пра збіццё на глебе гамафобіі, ні пра сарваныя вясёлкавыя плакаты, ні пра контр-акцыю у адказ на акцыю супраць гвалту. Вось якім мог бы быць мой Менск.

 

You may also like...