Кацярына Массэ. Паэзія як мастацтва абмежавання. Квантавая прырода паэтычнага мыслення

 

Я часта паўтараю, што каласальная моц паэзіі – у звышжорсткіх умовах ейнага фармальнага выражэння, ад якіх многія чамусьці бягуць так, што ажно пяты вольных радкоў блішчаць. Калісьці я і сама ўцякала, пакуль не натрапіла на адчуванне, што нешта важнае прыгэтым страчваецца.

Спартанскія ўмовы

Ведаеце, у здаровым самаабмежаванні хаваецца неабмежаваная радасць. Часам так цяжка змусіць сябе выйсці на ранішнюю прабежку, калі, здаецца, усё цела супраціўляецца гэтай ідэі. Але лёгкадаступная радасць – рэч падманлівая, у той час як унутраны тонус, здабыты праз разумнае намаганне, хавае ў сабе іншы, больш глыбокі кшталт задавальнення. І гаворка ідзе не толькі пра прабежку, але і пра асноватворныя прынцыпы тэкстаўтварэння ў паэзіі. Многія паэты, і я належу да іх ліку, адзіны ў прызнанні, што на дадзены момант паэзія – найвышэйшая вядомая нам форма праяўлення чалавечай мовы, з чаго вынікае, што пэўныя з’явы, уласцівыя звычайнай мове, у паэзіі дасягаюць свайго максімуму. Калі ў студэнтаў першага курса замоваў запытваюцца пра галоўныя функцыі мовы (а ў замовах пра гэта запытваюцца цягам усіх пяці гадоў навучання, і штогод адказы крыху відазмяняюцца), першае, што прыходзіць ім да галавы, гэта функцыя міжасабовых зносін. І правільна, бо гэты адказ ляжыць на паверхні і не вымагае больш удумлівага асэнсавання прадмета пытання. Але варта ўзняць тое ж саме пытанне курсе, скажам, на чацвёртым, як на першы план вылучыцца іншая ідэя – ідэя падставовай ролі мовы ў мысленні і пазнанні.

Скрозь церні сінкрэтызму

Адным са стаўпоў вывучэння мовы ёсць тэзіс аб тым, што наша мысленне, як і сам сусвет у сваёй першааснове (хоць гэта і цяжэй праверыць), з’яўляецца сінкрэтычным, то-бок злітным, непадзельным, у той час як мова – рэч дыскрэтная, іншымі словамі, складзеная з асобных частак. Уявіце сабе эпапею недыферэнцаваных вонкавых сігналаў – гукаў, колераў, адчуванняў, – якая страчае чалавека пасля ягонага з’яўлення на свет, калі ўспрыманне яшчэ не здольна выхапіць з гэтага шалёнага кантынууму асобныя прадметы і вымушана ўбіраць іх у сябе агулам, і вы зразумееце, што такое сінкрэтызм. Або іншая аналогія: перад вамі чысты аркуш паперы, які змяшчае ў сабе нічым не абмежаваны патэнцыял праяўлення. Гэта – белы шум пракаветнай свядомасці.

Аловак у вашай руцэ – першы інструмент знакавага пазнання навакольнай прасторы, першамова. А цяпер вазьміце і намалюйце на паперы якія-небудзь фігуркі – лініі, кружкі, трохкутнікі. Толькі што вы ўнутрана размежавалі небыццё белага колеру, такім чынам вылучыўшы з яго пэўныя сэнсавыя структуры. Ніхто не забараняе вам напісаць хоць цэлую карціну: пустэча белага аркуша – ваш карт-бланш у прасторы неабмежаваных магчымасцей праяўлення. Тое, што атачае вас у дадзены момант, – такая ж «карціна», распачатая кімсьці, магчыма, мільёны гадоў таму і ўдакладненая наступнымі пакаленнямі «мастакоў». А што было б, калі першы «мастак» вырашыў намаляваць не лініі, кружкі і трохкутнікі? Ці быў бы сусвет, які мы назіраем сёння, такім жа? Пытанне хоць і з лёгкім налётам дэмагогіі, але ад гэтага не менш цікавае для разважання. 

Пан Правільноўскі і фраў Рытмарыфман

Так, мова паклікана «маляваць кружкі і трохкутнікі» на пустым аркушы нашага пазнання, арганізуючы бязладны вопыт у прыдатныя для ўспрымання формы. Гэты прынцып адлюстраваны ў самой унутранай арганізацыі мовы, у складанасці ейных структур – гукавой, граматычнай, лексіка-семантычнай. Можна ўявіць сабе, што недзе ў мове жыве такі сабе строгі і сур’ёзны даглядач – пан Правільноўскі – у акулярах, з бізуном і даведнікам пад пахай, які сочыць за дакладным выкананнем намі, носьбітамі мовы, правіл гэтых структур: «Дзейнік сюды, выказнік туды, суфікс за коранем, прыстаўка – перад! Дзеяслоў не той, з назоўнікам не спалучаецца! Ну куды, куды ты прэш?! Яшчэ гэты сказ не скончыў! Зараз атрымаеш бізуна!»

І вось жыве сабе пан Правільноўскі, адчуваючы сябе не менш як валадаром сусвету, і раптам наведваецца да яго заморская госця – фраў Рытмарыфман – і кажа, што ад сёння яна тут будзе начальніцай. Дастае Кодэкс аб паэтычных памерах і стылістычных фігурах, пугу з японскага ядвабу і пачынае павучаць агаломшанага пана Правільноўскага: «Тут склад лішні, тут цэзура не на месцы, тут вобраз пляскаты! А тут на правілы свае наогул забудзьцеся, шаноўны: спачатку азначэнне, потым выказнік, потым акалічнасць, а напрыканцы – дзейнік! І колькасці складоў, колькасці складоў трымайцеся, а тое зараз пугі маёй шаўковай паспытаеце!»

Абмежаванні абмежаванняў

Чаму я апавядаю вам гэтую дзіўную гісторыю? Ды таму, што гэта цудоўная ілюстрацыя таго, як розныя сістэмы знакавага ўпарадкавання рэчаіснасці іерархічна ўзаемадзейнічаюць адна з адной. Натуральная мова ў гэтай іерархіі належыць да ўзроўню так званых першасных сістэм мадэлявання. Гэта такія сістэмы, якія закладзены ў нас самім эвалюцыйным механізмам з мэтай забяспечыць чалавеку магчымасць асэнсавання сусвету праз тую мадэль катэгорый і сувязяў між імі, якую адпаведныя сістэмы прапаноўваюць. Такім чынам, правілы і абмежаванні ў мове – не што іншае, як матрыца, што засцерагае нас ад прамога сутыкнення з «плынню свядомасці» як у навакольным асяроддзі, так і ў нашай уласнай галаве! 

У сваю чаргу, другасныя сістэмы мадэлявання (да якіх належаць штучныя мовы, мовы сімвалаў, мовы мастацтва і, канешне, паэзія) – гэта сістэмы, якія ствараюцца самім чалавекам на аснове і паводле першасных сістэм з перайманнем іх структуры і ўнутраных заканамернасцей. Так, паэзія як асобая мова ў сваіх фундаментальных прыкметах цалкам прыпадабняецца да натуральнай мовы. Тое самае тычыцца і ўсіх астатніх другасных знакавых сістэм, таму што, напэўна, немагчыма вынайсці мовы больш дасканалай, чым тая, што ўжо існуе, не абапіраючыся пры гэтым на яе саму.

Розніца, як у выпадку з панам Правільноўскім і фраў Рытмарыфманам, толькі ў тым, што паверх правіл і абмежаванняў першаснай мовы надбудоўваюцца правілы і абмежаванні другаснай сістэмы, якія ў чымсьці сцвярджаюць іх, у чымсьці – адмаўляюць, а ў чымсьці – яшчэ болей ускладняюць. Думаю, вы пагодзіцеся, што ў звычайнай мове мы не тужымся і не пыжымся, стараючыся, напрыклад, вытрымаць аднолькавую колькасць складоў у сказах. Ну, не буду казаць за вас, але прынамсі я так не раблю…

Уседзець на двух крэслах

Выходзіць, разам з надбудовай дадатковых абмежаванняў паверх першаснага знакавага ўзроўню мае месца і ўскладненне самой кагнітыўнай матрыцы. Гэта змушае свядомасць адточвацца ва ўсё больш філігранным мадэляванні паэтычнай рэчаіснасці. Паэт як бы існуе адначасова ў дзвюх сістэмах каардынат, кожная з якіх задае свае правілы гульні: з аднаго боку – сістэма сэнсу, з другога – сістэма выражэння. Можна нават сказаць, што ягонае мысленне набывае свайго роду квантавую прыроду, паколькі, па аналогіі з адначасовым быццём хваляй і часціцай, з’яўляецца паралельна і тым, што прамаўляецца, і тым, як гэта прамаўляецца.

Ён не можа на хвіліначку адлучыцца з вобласці зместу, каб спакойна падумаць над формай, як і не можа праігнараваць фармальныя патрабаванні дзеля адэкватнасці зместу, бо ўзнікне ўсім вядомая сітуацыя, калі «смысл есть – рифмы нет; рифма есть – смысла нет». Прыгэтым я настойліва звяртаю вашу ўвагу на тое, што пад абмежаваннямі я мяркую, як ні дзіўна, зусім не рыфму і нават не рытміка-інтанацыйную структуру паэтычнага тэксту, а спецыфічны ўпарадкавальны прынцып фармальнага характару наогул, які, выяўляючы розную ступень матэматычнасці і маючы разнастайныя формы праяўлення, прыводзіць звычайны моўны матэрыял да стану сістэмы іншага парадку.

Такім чынам, дарэчна гаварыць аб высокім узроўні паэтычнага твора, калі вышэйназваныя сферы падагнаны з такой ювелірнай дакладнасцю, што ўспрыманне самага чуйнага адрасата не будзе вярэдзіць нават мінімальны прысмак штучнасці, нацягнутасці, манернасці, як быццам гэты тэкст – створаны самой прыродай у сваёй функцыянальна-марфалагічнай цэласнасці арганізм.

Бег з перашкодамі

Чаму я так шмат увагі прысвячаю менавіта праблемам архітэктонікі паэтычнага твора? Таму што, на мой кансерватыўны погляд, гэта фундаментальная праблема паэзіі, выяўленая ў няспынным пошуку гармоніі вонкавага і ўнутранага. Прызначэнне не-паэтычнай мовы так ці іначай зводзіцца да ейнай прыкладной ролі ў жыцці чалавека. У прынцыпе, няважна, наколькі пачварна ці прыгожа гучыць сказаная мной фраза, – калі яна дапамагае паразумецца, значыць, сваю функцыю яна выконвае як след. Паэзія, у сваю чаргу, – гэта выклік, гэта спаборніцтва ў моўным спрыце. Мы самі ствараем сабе перашкоды ў выглядзе ўсіх магчымых і немагчымых абмежаванняў, каб іх жа пераадольваць, самі прыдумляем правілы гэтай выкшталцонай гульні. І тое, наколькі тэхнічна яна будзе зграна, прынясе нам ці найвялікшае задавальненне, ці найвялікшае расчараванне.

Здаецца, гэта пакліканне самой прыроды – такой нязмушанай у сваіх праявах і такой складанай у іх праяўленні. Дзесьці ў нетрах нашай знакавай інтуіцыі ёсць прадчуванне таго, што шлях да усвядомленай свабоды ідзе праз усвядомленае абмежаванне, шлях да дасканалай простасці – праз дасканалую складанасць, а шлях да абсалютнай прыгажосці – праз імкненне да абсалюту. Здаецца, глыбінная патрэба ў аскезе і абмежаванні – мудрая частка нашай з вамі прыроды, пакліканая адкрыць у нястачы інакш недаступную нам паўнату.

You may also like...