Андрэй Строцаў. ІСЦІ ПА ВАДЗЕ

У 1921 годзе паэт Ігнат Абдзіраловіч, у Вільні, адначасова і на радзіме і ў выгнаньні, напісаў сваё эсэ “Адвечным шляхам”. У ім ён заклікаў да пошукаў “цякучай формы”, творчага адказу на застыласьць і зьмярцьвеласьць усіх існых палітычных і грамадскіх інстытуцый. Праз чатыры гады ў Познані нарадзіўся сацыёлаг Зыгмунт Баўман. Напачатку новага тысячагодзьдзя ён выдаў сваю кнігу “Цякучая сучаснасьць”, дзе выказаў трывогу, адваротную трывозе Абдзіраловіча. Цяпер самі інстытуцыі зрабіліся гнуткімі, вадкімі, зьменлівымі, але ў гэтай новай нетрываласьці гэтаксама няма месца для чалавечай творчасьці, а часам і для самога чалавека. 

Праз два гады пасьля напісаньня свайго эсэ і за два гады да нараджэньня Баўмана Ігнат Канчэўскі (хочацца ўзгадаць яго сапраўднае імя) памёр. У тым жа 1923 годзе адбылася адна падзея, якая паўплывала на ўсё далейшае інтэлектуальнае жыцьцё Еўропы, але якая дагэтуль застаецца малавядомай. У першым тыдні кастрычніка ў старым замку ў мястэчку Пшэраў, што пад Прагай, адбылася незвычайная сустрэча. Некалькі дзясяткаў рускіх эмігрантаў зьехаліся з розных гарадоў свайго выгнаньня, каб пагутарыць пра тое, што ім рабіць далей.

Там былі студэнты, што да рэвалюцыі бралі ўдзел у пратэстанцкіх біблейскіх кружках. Там былі праваслаўныя епіскапы, што згубілі ўсялякую ўладу, якую мелі ў часы дзяржаўнай царквы. Там былі мысьляры, высланыя на “філасофскім параходзе”, хрысьціяне-рэвалюцыянеры – Бярдзяеў, Лоскі, Франк. Калі яны сабраліся разам вакол алтара, убранага ў адным з пакояў замка, і былы марксіст сьвятар Сяргей Булгакаў пачаў служыць літургію, адбылося тое, што філосаф Ален Бадзью, таксама марксіст, называе “Падзеяй”. Адны зь іх прыгадваюць Пшэраў як Пасху, іншыя яго называюць Канай Галілейскай, іншыя – Перамяненьнем, іншыя – Пяцідзясятніцай.

З гэтай сустрэчы нарадзілася “цякучая форма”, якую назвалі “Рухам”, а не братэрствам або ордэнам. Сваім галоўным прынцыпам новы Рух лічыў поўную незалежнасьць ад любой царкоўнай улады, а галоўнай мэтай – “ацаркоўленьне жыцьця”, пераадоленьне межы паміж сакральным і паўсядзённым.

На працягу стагодзьдзя гэтая “цякучая” супольнасьць паўплывала на многае – і на тэалагічнае адраджэньне “парыжскай школы”, і на рэформы ў каталіцкай царкве, і на дысідэнцкі рух у Савецкім саюзе. А ў пачатку новага стагодзьдзя яго ўдзельніца маці Марыя (Скабцова) была прылічаная да сьвятых. Гэтая манахіня-радыкал, спаленая ў Равенсбруку, заклікала да евангельскага “хаджэньня па вадзе”. Калі яна пісала гэтыя словы, яшчэ магло падавацца, што па вадзе ходзяць толькі вар’яты, рамантыкі. Цяпер мы ўсе жывем у плыні, мы ўсе праклятыя Баўманам. Мы вымушаныя хадзіць па вадзе. Пытаньне толькі адно – патонем мы, ці не.

У наш вадкі час размываюцца і таюць усе межы. У тым ліку і звыклая, хоць і ня вельмі даўняя мяжа паміж багаслоўскай і секулярнай мовамі. “Хаджэньне па вадзе” – гэта наша ўсеагульнае становішча. Нам няма на што абаперціся. Ёсьць толькі адзін спосаб не патануць: не глядзець пад ногі, а глядзець наперад. І спадзявацца.

You may also like...